БАКАЛАПАДО́БНЫЯ КЛЕ́ТКІ,

аднаклетачныя эндаэпітэліяльныя слізістыя залозы эпітэлію чалавека і жывёл. Знаходзяцца ў кішэчніку, паветраносных шляхах, матцы і яйцаводах, вывадных пратоках падстраўнікавай і слінных залоз, кан’юктывы вока. Сінтэзуюць, назапашваюць і выдзяляюць слізісты сакрэт, які ўвільгатняе паверхню эпітэлію. Утвараюцца са звычайных эпітэліяльных клетак. У верхняй частцы бакалападобнай клеткі, што ўкрыта мікраварсінкамі, назапашваюцца гранулы сакрэту (муцынаген), якія абвадняюцца і ператвараюцца ў масу слізі (муцын). Бакалападобныя клеткі набракаюць у верхняй частцы і звужаюцца каля асновы, дзе знаходзіцца ядро, набываюць бакалападобную форму. Потым верхняя частка разрываецца, слізь трапляе ў прасвет органа, бакавыя сценкі бакалападобнай клеткі спадаюцца, робяцца прызматычнымі і зноў назапашваюць сакрэт. Існуе думка пра безупыннае яго выдзяленне.

А.С.Леанцюк.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)